ЭЎГЛЕ́НАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Euglenophyta),

аддзел водарасцей. 1—6 парадкаў, каля 40 родаў, 900 відаў, з якіх 250 бясколерныя. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 110 відаў. Трапляюцца пераважна ў невял. прэсных вадаёмах.

Аднаклетачныя, мікраскапічныя рухомыя арганізмы, радзей прымацаваныя і каланіяльныя. Клеткі часцей выцягнутыя. верацёнападобныя, у большасці асіметрычныя. Маюць перыпласт — тонкі, мяккі або шчыльны вонкавы слой эктаплазмы, які замяняе абалонку. У некат. відаў паверх перыпласту ўтвараюцца слізістыя або цвёрдыя абгорткі. інкруставаныя солямі жалеза і марганцу — «домікі» На пярэднім канцы клеткі лейкападобнае паглыбленне (глотка), з якога выходзяць 1—2 жгуцікі. Ёсць вочка і пульсуючыя вакуолі. Хларапласты маюць хларафілы a і b. Здольныя да міксатрофнага жыўлення. Бясколерныя віды. што жывяцца асма- і фагатрофна некат. заолагі адносяць да прасцейшых. Размнажэнне дзяленнем. Некат. пры неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Удзельнікі працэсаў самаачышчэння вады, індыкатары забруджанасці вадаёмаў арган. рэчывамі, аб’екты лабараторных даследаванняў.

Т.​М.​Міхеева.

т. 18, кн. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)